АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Й апяразвальны герпес, вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.
т. 1, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)